ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІЯ ТЭРЫТО́РЫІ (Northwest Territories),
адм.-тэр. адзінка Канады. Пл. 3387 тыс. км². Нас. 64,4 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 30 тыс. эскімосаў (на ўзбярэжжы і астравах) і індзейцаў (на Пд). Адм. ц. — г. Йелаўнайф. Займаюць паўн. ч. мацерыка Паўн. Амерыкі (больш за 80% тэр. — у межах Лаўрэнційскага ўзвышша), уключаюць Канадскі Арктычны архіпелаг. На З горы Макензі выш. да 2164 м. Клімат арктычны і субарктычны. Т-ра паветра ў студз. каля -30 °C, у ліп. ад 3 °C (Пн) да 16 °C (Пд). Ападкаў 150—400 мм за год. Расліннасць гал. чынам тундравая і лесатундравая; на паўн. астравах — палярная пустыня, значныя плошчы пад ледавікамі; па ПдЗ — таежныя хваёвыя лясы. Аснова эканомікі — горназдабыўная прам-сць: здабыча нафты і прыроднага газу, алмазаў, руд золата, свінцу, цынку, медзі, урану, жалеза, літыю, нікелю. Гал. занятак карэннага насельніцтва — паляванне на цюленяў, аленяў карыбу, пясцоў, андатраў і рыбалоўства. Клетачная зверагадоўля. Транспарт марскі, рачны, авіяцыйны. У 1999 падзелены на 2 адм. адзінкі: Паўночна-Заходнія тэрыторыі (пл. 1290 тыс. км², нас. 39,7 тыс. чал.) і тэрыторыя Нунауіт (пл. 2097 тыс. км², 24,7 тыс. чал.).
І.Я.Афнагель.
т. 12, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)